Беларуская Служба

Улады Польшчы выдзелілі 5,5 млрд злотых на ўзнаўленне чыгуначных трасаў

10.03.2020 17:54
Гэта дасць магчымасць злучыць правінцыю з ваяводскімі гарадамі.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnePKP IC

Такім чынам урад ажыццяўляе праграму «Чыгунка Плюс» (Kolej Plus), мэта якой аднаўленне камунікацыйных шляхоў з правінцыяй.

Надоечы прэзідэнт Анджэй Дуда на чыгуначнай станцыі ў мясцовасьці Коньске ў Свентакшыскім ваяводстве (адным з бяднейшых у краіне) сімвалічна падпісаў закон аб чыгуначным транспарце «Закон Чыгунка Плюс» (Ustawa Kolej Plus).

Міністр інфраструктуры Анджэй Адамчык, які суправаджаў прэзідэнта падчас візіту ў Коньске падкрэсліў, што дзякуючы новым правілам шматлікія гарады атрымаюць магчымасць далучыцца да чыгуначнай сеткі.

- Жыхары гарадкоў з насельніцтвам больш за 10 тыс. атрымаюць магчымасць карыстацца чыгуначным транспартам. Яны змогуць распланаваць сваю будучыню, не губляць перспектывы, як гэта было за нашых папярэднікаў. 

Асноўнымі бенефіцыярамі праграмы «Чыгунка плюс» зʼяўляюцца органы мясцовага самакіравання, якія могуць звярнуцца за ўрадавыя субсідыі на ўзнаўленне рэгіянальных чыгуначных маршрутаў. Сродкі выдзяляюцца на новыя рэйкі і чыгуначныя станцыі, на павелічэнне частоты руху цягнікоў або іх узнаўленне на існуючых трасах.

Аднак найбольш важнымі зʼяўляюцца інвестыцыйныя задачы, гэта значыць будаўніцтва новых ліній. Гэта дасць магчымасць злучыць сярэднія гарады з ваяводскімі гарадамі, то бок зрабіць лепшымі ўмовы для перамяшчэння на працу, а таксама для бізнесовай дзейнасці.

Мясцовыя органы ўлады, каб далучыцца да праграмы, павінны мець свой уклад. Згодна з Законам, гэта могуць быць крэдыты, ці сродкі з аблігацый.

Аўтары новага закону падкрэсліваюць, што чыгунка зʼяўляецца найбольш экалагічным сродкам перамяшчэння, што мае важнае значэнне ў барацьбе з глабальным пацяпленнем.

яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі